Усе мы з маленства ведаем радкі: “Трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць не госцем…”. У сэрцы кожнага з нас засталіся цікавыя вершы гэтага аўтара, але ж хто ён на самой справе? Які ён чалавек?

Рыгор Іванавіч Барадулін нарадзіўся ў сям'і Івана Рыгоравіча і Акуліны Андрэеўны Барадуліных на хутары Верасоўка, а ў 1937 г. хутар быў ліквідаваны і сям'ю паэта перасялілі ва Ушачы. Дзед паэта па мамінай лініі быў этнічным латышом. Бацька Рыгора загінуў у 1944 г. падчас ВАВ у партызанскім атрадзе. Пасля вайны Рыгор Барадулін вучыўся ва Ушацкай сярэдняй школе (скончыў у 1954 г.), затым на філалагічным факультэце БДУ (скончыў у 1959 г.).

У школе Рыгор Барадулін не з'яўляўся ўдзельнікам піянерскага руху: падчас запісу ў арганізацыю Барадулін збег са школы. У юнацтве далучыўся да камсамола, апраўдваючы гэта тым, што інакш не змог бы паступіць у ВНУ. Падчас працоўнай дзейнасці неаднаразова адхіляў прапановы далучэння да шэрагаў КПСС.

Схільнасць да лінгвістыкі праявілася ў Рыгора Барадуліна яшчэ падчас навучання ў беларускамоўнай школе мястэчка Ушачы. Барадулін быў выдатнікам па нямецкай мове, меў высокія адзнакі па рускай мове і літаратуры. Беларуская мова выклікала ў Барадуліна найбольшую цікаўнасць. У той час Барадулін пачынае цікавіцца творчасцю Максіма Багдановіча. Дакладныя навукі даваліся Барадуліну цяжэй, што ў спалучэнні са здольнасцю да моў і абумовіла яго паступленне на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Ва ўніверсітэце Рыгор Іванавіч знаёміцца з творчасцю Уладзіміра КараткевічаПімена ПанчанкіЯнкі КупалыЯкуба Коласа (яго паэму «Новая зямля» Барадулін ведаў у маладосці на памяць),  Міхася Стральцова (ён, як і Рыгор Барадулін, вучыўся на філалагічным факультэце БДУ з 1954 па 1959 гг.).

З рускіх паэтаў Рыгор Іванавіч знаходзіўся пад уражаннем ад Міхаіла ЛермантаваУладзіміра МаякоўскагаАляксандра ПушкінаАляксандра Грыбаедава і іншых. Аднак найбольшы ўплыў на Барадуліна пакінуў Сяргей Ясенін.

Сам паэт казаў, што галоўную ролю ў станаўленні яго як літаратара адыграла маці — Акуліна Андрэеўна Барадуліна:

Усё ідзе ад маці. Мая мама, паўтаруся, была самым вялікім філолагам. Ва ўсялякім разе для мяне. Дзякуючы маме і беларускай мове я нешта напісаў і, можа, яшчэ нешта напішу. Канешне, можна пісаць і на вывучанай мове, але гэта будзе ўжо сурагат. На вывучанай мове можна пісаць дэтэктывыэротыку, а глыбінную паэзію, глыбінную прозу трэба пісаць толькі на роднай мове, матчынай”.

На працягу ўсяго жыцця Рыгор Барадулін выступаў супраць русіфікацыі беларускага насельніцтва, прытрымліваўся ідэі цалкам беларускамоўнай Беларусі.

Наконт рэлігійных поглядаў: у дзяцінстве Рыгор Барадулін быў ахрышчаны рымска-каталіцкім святаром. З канца 1980-х гадоў Барадулін адносіць сябе да уніятаў. Пры гэтым сцвярджае, што пытанне канфесійнай прыналежнасці не з'яўляецца істотным, бо «ўсё-ткі Бог адзін».

Рыгор Іванавіч быў рэдактарам у розных перыядычных выданнях: газеце «Советская Белоруссия», часопісах «Бярозка», «Полымя», а таксама ў выдавецтвах «Беларусь», «Мастацкая літаратура. У складзе дзяржаўнай дэлегацыі БССР прымаў удзел у 39-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН 1984 г. У канцы 1980-х гадоў, падчас перабудовы і развіцця звязаных з ёю нацыянальна-адраджэнскіх рухаў у рэспубліках СССР, з'яўляўся актыўным удзельнікам грамадскага руху «Беларускі народны фронт «Адраджэньне», потым далучыўся да Партыі БНФ, якая ўтварылася на падмурку гэтага руху. З другой паловы 1990-х і да смерці актыўнага ўдзелу ў палітыцы не прымаў, называў палітыку «бруднай справай». У інтэрв'ю выказваў рэзкія антыкамуністычныя погляды.

Быў жанаты з Валянцінай Міхайлаўнай Барадулінай. Дачка Ілона — мастачка, ёсць унучка Дамініка. Узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў, Знакам Пашаны, медалем Францыска СкарыныГанаровы доктар БДУ і ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна. Рыгор Барадулін — апошні беларус, якому надалі званне Народнага паэта (1992 г.).

Рыгор Іванавіч Барадулін памёр 2 сакавіка 2014 г. у сваёй кватэры ў Мінску пасля многіх гадоў пакут ад хваробы Паркінсона. Пахавалі Рыгора Барадуліна ва Ушачах побач з магілай маці, як таго і жадаў паэт пры жыцці.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

+ 67 = 68